Акторскія чытанні, якія ладзіць штогод народны тэатр і студыя тэатральнага мастацтва Палаца культуры вобласці да Міжнароднага Дня роднай мовы, у гэтым 2022 годдзе вырашылі далучыць да Года гістарычнай памяці і святкавання 140-годдзя з дня нараджэння Якуба Коласа і Янкі Купалы.
Якуб Колас і Янка Купала былі выразнікамі нацыянальнай самасвядомасці, народных спадзяванняў і пачуццяў. Абодва пісьменніка шырока раскрывалі нацыянальны характар, асаблівасці духоўнага складу і матэрыяльнага жыцця беларусаў. Блізкія па сваіх эстэтычных поглядах, грамадскіх ідэалаў, усёж яны былі вельмі рознымі па творчай манеры: у кожнага свой голас, стыль, свой непаўторны жыццёвы шлях, чалавечы характар, духоўны свет.
Янка Купала – пераважна рамантык, увесь у метафары, у эфектным стылі; лірык, гэта лірыка прарока, прадказальніка, яна поліфанічна. Ён быў лірыкам драматычнага напружання з лёгкасцю перайшоўшым да драматургіі.
Якуб Колас – рэаліст, ён раскрываў у сваёй лірыцы перажыванні рэальнага, звычайнага, канкрэтнага чалавека ў рэалістычна-канкрэтнай сюжэтнасці. Якуб Колас – паэт, празаік, драматург, крытык, дзіцячы пісьменнік. Сюжэтны, рэалістычна-канкрэтны, адзін з заснавальнікаў беларускай нацыянальнай прозы.
Гістарычная заслуга Янкі Купалы і Якуба Коласа заключаецца перш за ўсё ў тым, што яны стварылі сапраўдныя шэдэўры нацыянальнага мастацтва і тым самым паднялі беларускую літаратуру да ўзроўню перадавых літаратур свету, зрабілі яе агульнанароднай з’явай, адной з больш важных і дзейсных сродкаў маральнага і эстэтычнага выхавання будучых пакаленняў. Менавіта на такой літаратуры мы павінны выхоўваць і вучыць нашых дзяцей, каб мелі гонар “людзьмі звацца”.