Паэтычны спектакль «Зямля мая»

Прэм’ерай паэтычнага спектакля «Зямля мая»  23 кастрычніка народны тэатр дзяржаўнай установы культуры «Палац культуры вобласці» адкрыў свой 26-ы тэатральны сезон. Кіраўнік тэатра і рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Ала Кускова. Паэтычны спектакль прысвечан памяці выдатнага чалавека і кіраўніка, старшыні Бялыніцкага СВК «Калгас «Радзіма» Аляксандра Міхайлавіча Лапацентава.

Паэму «Зямля мая» яшчэ ў 2015 годзе ў яго гонар напісала магілёўская паэтка Таццяна Шаўцова, яна ж з’яўляецца аўтарам музыкі і тэкстаў песень, якія прагучалі ў спектаклі.

Асаблівай ўвагі заслугоўвае разуменне тэатральнай канвы спектакля. Герой у спектаклі адзін, а вось актораў, якія выходзілі у ролі героя было некалькі. Такі сцэнічны прыём зарадзіўся яшчэ ў 20-х гадах мінулага стагоддзя, ён называўся «Жывая газета» ці «жывыя гісторыі».

Сімвалічна, што спектакль адбыўся у Год гістарычнай памяці. Успаміны і музычныя творы, гісторыі, якія прайшлі праз жыццё галоўнага героя, песні, якія адлюстроўвалі яго ўнутраны свет, яго стаўленне да людзей, ну і вядома ж, тыя падзеі, у якіх сёння гучыць голас нашай памяці.